Стварэнне ўмоў для ўдасканалення арганізацыі адукацыйнага працэсу беларускай мове ва ўстановах дашкольнай адукацыі

17.01.2019

Толькі выхаванне, створанае самім народам і  заснаванае на народных пачатках, мае тую выхаваўчую сілу, якой няма ў самых лепшых сістэмах, заснаваных на абстрактных ідэях.”

К.Дз. Ушынскі

На базе ДУА «Яслі-сад в. Знаменка» прайшло пасяджэнне школы эфектыўнага педагагічнага вопыту «КЛУБ МАЙСТРОЎ» на тэму: «Стварэнне ўмоў для ўдасканалення арганізацыі адукацыйнага працэсу на беларускай мове ва ўстановах дашкольнай адукацыі». Кіраўнік: Семянюк Алена Міхайлаўна, ДУА "Яслі-сад в. Клейнікі". Удзельнікі мерапрыемства  выхавальнікі: Алексяюк А.М., Кацюба А.М., ДУА "Яслі-сад в. Вістычы"; Касюк Н.М., Панасюк А.А. ДУА "Яслі-сад в. Чарнаўчыцы"; Рагалевіч Г.М. ДУА "Яслі-сад  в. Знаменка"; Камісарук І.А. ДУА "Яслі-сад в. Тэльмы".

У межах мерапрыемства былі асветлены наступныя пытанні: заканадаўчая база і праграмна-метадычнае забеспячэнне арганізацыі работы па папулярызацыі беларускай мовы, сучасныя падыходы да арганізацыі адукацыйнага працэсу на беларускай мове, забеспячэнне якасці планавання і арганізацыі адукацыйнага працэсу на беларускай мове ва ўстановах дашкольнай адукацыі. 

Увазе калег былі прадстаўлены матэрыялы з вопыту дзейнасці дзяржаўнай установы адукацыі «Яслi-сад в. Знаменка».  

Наша родная беларуская мова – скарбніца, у якую пакаленне за пакаленнем складавалі вопыт сваіх глыбокіх сардэчных пакут і радасцяў. Яна самая надзейная  і трывалая сувязь, што аб’ядноўвае былое сучаснасць і будучыню, яднае пакаленні народа ў адно вялікае гістарычнае цэлае. Таму вельмі важна з самага ранняга маленства фарміраваць у дзяцей любоў да роднай мовы, спадчыны сваіх бацькоў.

Сёняшнія дзеці  недастаткова чуюць родную мову. Таму ў іх бедны слоўнікавы запас. Іх маўленне знаходзіцца пад моцным уплывам рускай мовы. Каб далучыць малятак да беларускай мовы, вельмі важна навучыць іх з павагай ставіцца да роднай  мовы, не сароміцца на ёй размаўляць. Вялікае значэнне мае асабісты прыклад дарослых – бацькоў, педагогаў, выхавальнікаў, людзей, якія жывуць побач з імі.

Намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Курэц Ірына Ўладзіміраўна  ў сваім выступленні адзначыла, што ў дашкольнай установе  в. Знаменка створаны неабходныя ўмовы для арганізацыі адукацыйнага працэсу на беларускай мове, нават калі няма магчымасці стварыць асобную беларускамоўную групу. Веданне беларускай мовы з’яўляецца абавязковым патрабаваннем да педагогаў і супрацоўнікаў установы дашкольнай адукацыі.  Як вядома, задача метадычнай службы  дашкольнай  установы – дапамагчы  выхавальніку авалодаць практычнымі прыёмамі, навучыць яго ўмела карыстацца разнастайнай літаратурай, пашырыць  цікавасць да роднай мовы, да твораў беларускіх пісьменнікаў, паэтаў, выяўленчага мастацтва. Вельмі эфектыўны і дзейны метад, просты і даступны кожнаму, — чытанне твораў беларускіх майстроў, слова ў арыгінале, на роднай мове і чым больш, тым лепш, толькі пры ім фарміруецца моўнае чуццё, актыўны слоўнік.

Абавязковай умовай паспяховай работы дашкольнай установы з’яўляецца павышэнне кваліфікаціі педагагічных кадраў, іх самаадукацыі. Неабходнасць пастаянна папаўняць свае веды дыктуецца часам, навукова – тэхнічным прагрэсам.   

Найбольш поўна адбываеца далучэнне выхаванцаў да беларускай нацыянальнай культуры праз каляндарна – абрадавы цыкл фальклорных святаў. Мэтазгодна праводзім самыя асноўныя, адаптаваныя да ўзроставага ўспрымання выхаванцамі народныя абрады Восеньскі кірмаш, Каляды, Масленіца, Гуканне вясны, Купалле, Вялікдзень, дзяржаўныя і сямейныя святы.

Выхаванцы засвойваюць беларускую мову, узбагачаюць лексічны слоўнік, набіраюцца народнай мудрасці, беларускіх выслоўяў і прымавак; развучваюць новы фальклорны матэрыял – казкі, песні, гульні, танцы; асэнсоўваюць назвы фальклорных святаў і час правядзення.

Трэба адзначыць, што такія мерапрыемства не абыходзяцца без удзелу іншых спецыялістаў дашкольнай установы: музычнага кіраўніка, кіраўніка фізічнага выхавання, шэф – повара.

Сёння далучэнне дзяцей да вытокаў народнай культуры немагчыма без паслядоўнай, мэтанакіраванай работы з бацькамі. Толькі тады, калі бацькі будут зацікаўленыя, намаганні выхавальнікаў не знікнуць дарма. Выхавальнікі і бацькі мусяць быць аднадумцамі, а для гэтага неабходна праводзіць бацькоўскія сходы, кансультаванне і анкетаванне бацькоў, гутаркі з імі.

Паралельна для бацькоў ва ўсіх групах ДУА “Яслі-сад в. Знаменка” ствараем інфармацыйна - кансультацыйны  матэрыял па знаёмству з беларускімі пісьменнікамі, адпаведнай узросту  дзіцячай  літаратурай, этнаграфічнай  спадчынай  Беларусі.

Прыемна  ведаць, што ёсць выхавальнікі ў дзіцячых садках, якія прыкладваюць шмат намаганняў, каб першыя словы малятаў гучалі па - беларуску.

Выхавальнік дашкольнай установы Рагалевіч Галіна Мікалаеўна падрыхтавала і паказала тэатралізацыю беларускай народнай казкі "Курачка  Раба" у малодшай узроставай групе. Галоўнай задачай было развіццё эмацыйнай зацікаўленасці ў выхаванцаў пры ўспрыманні казкі, разумець яе змест і ўважліва сачыць за развіццём дзеянняў.

Выхавальнік  сярэдняй  групы, Асіпук Алена Ўладзіміраўна правяла інтэграваны занятак на тэму «Птушкі» па адукацыйных абласцях "Дзіця і прырода", "Дзіця і грамадства". Галоўнай мэтай занятка было пашырэнне уяўленняў  выхаванцаў пра птушак (пералётных, якія зімуюць, лётаюць, чым харчуюцца); фарміраваць уменне разумець сэнс прыказак на беларускай мове; выхоўваць пазнавальныя адносіны да навакольнай прыроды, гуманныя адносіны да птушак.

Выхоўваюць, як вядома і слова, і справа. Любы адукаваны,  культурны  чалавек ведае і паважае сваю культуру. Таму павінна быць справай гонару авалоданне роднай мовай, унясенне ў жыццё дзяцей нацыянальнага каларыту. Як казалі класікі, жыць у грамадстве і быць свабодным ад грамадства нельга,усе мы нясём часцінкі нацыянальнага менталітэту і перадаём іх нашым нашчадкам.

Давайце дапаможам нашым  нашчадкам авалодаць беларускай мовай. Будзем выхоўваць іх добрымі,разумнымі, дапытлівымі, цярплівымі і

уважлівымі да ўсяго. І адначасова абуджаць веру дзіцяці ў тое, што ён вырасце патрэбным на зямлі чалавекам.

 

                                 Не знішчым, не страцім, не загубім.

                                  Сваіх лугоў, азёр, сваіх лясоў.

                                  І родны край, і мову не разлюбім.

                                  У кожным сэрцы гэты дзеяслоў.

                                                                            В. Гардзей

Метадыст  С.І.Ярмушэвіч